Утульна табе ў сваёй кватэры? Залез пад коўдру, зрабіў кавы, разгарнуў часопіс – аніякі мароз не ўкусіць, аніякі ветруган не зачэпіць. Да чаго я жалюся: мне ж добра пашанцавала гэтым разам – і паеў, і прытуліўся да цёплага.

Пасля сытнага сямейнага абеду (а алень быў сма-а-ачны, скажу я вам) – час і адпачыць. Іду да ўрочышча Нікар. Тут добрыя месцы: прасторы праглядаюцца амаль з усіх бакоў да ўсіх гарызонтаў.

Вось і мой гатэль на сёння: стажок мяккага сена. Пакінулі яго сярод поля для аленяў, але, як кажуць, «хто паспеў, таго і тапці». А калі алень завітае, ты ж разумееш, я зусім не супраць. Буду лічыць, што мой гатэль на некалькі зорак – раз сняданак сам да ложка прыходзіць.